Гомельская мiлiцыя адмаўляе факт масавай бойкi з удзелам неанацыстаў
Еўрапейскае радыё для Беларусі
Гомельская мiлiцыя не пацвярджае факт масавай бойкi з удзелам неанацыстаў.
Нагадаем, учора з'явiлася iнфармацыя, што 2 лiпеня ў горадзе адбылася масавая бойка памiж маладзёжнымi групоўкамi. У ёй, нiбыта, удзельнiчалi каля 60 чалавек.
Каля 30-цi прыхiльнiкаў неафашызму, узброеных палкамi, бiтамi i нажамi, напалi на прыблiзна такую ж колькасць моладзi, якая вярталася з хард-рокавага канцэрту. Падчас бойкi адзiн з удзельнiкаў канцэрту, 25-гадовы хлопец, быў паранены нажом у грудзi.
Вось як каментуе гэтую iнфармацыю ў iнтэрв'ю Еўрарадыё начальнiк аддзялення iнфармацыi i грамадскiх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама падпалкоўнiк мiлiцыi Iгар Грышкевiч:
"Гэтую iнфармацыю пацвердзiць не магу, бо такой iнфармацыяй, што гэта неанацысты, не валодаю. Паводле маiх звестак, была не масавая бойка, а звычайная. Адзiн чалавек патрапiў у бальнiцу з траўмамi. Бойка была ўзаемнай. Таму гаварыць, што гэта нейкiя групоўкi, мы не можам".
Iгар Грышкевiч пацвярджае, што чалавек, якi нанёс раненнi нажом, затрыманы. Супраць яго распачатая крымiнальная справа.