РэчыцаРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Беларусь і сьвет RSSСіла і слабасць сучасных аўтарытарных рэжымаўЛукан Уэй Каб зразумець, чаму некаторыя сучасныя аўтарытарныя рэжымы палі пад напорам пратэстаў апазіцыі, тады як іншыя засталіся непахісныя, карысна прыгадаць казку пра трох парсючкоў. Адкінуўшы звыклыя сімпатыі, уявім, што парсючкі — гэта правіцелі-аўтакраты, іхныя хаткі — гэта іхныя рэжымы, а воўк увасабляе прадэмакратычныя рухі. Воўк дзьмухае на ўсе тры хаткі, але вынікі яго намаганняў у кожным выпадку розныя: калі халупы з саломы і дрэва лёгка бурацца, то цагляны дамок застаецца непашкоджаны. І рэч тут не ў здольнасцях або стратэгіі ваўка, а ў рознай трываласці буданоў. Вялікая частка нядаўна выдадзенай літаратуры аб зменах рэжымаў засяроджваецца якраз на «дзьмуханні» дэмакратычнай апазіцыі, надаючы пры гэтым недастаткова ўвагі пытанню трываласці аўтарытарных «домікаў». У некаторых краінах банкруцтва дзяржаўных інстытутаў, слабасць, незабяспечанасць і дэзарганізаванасць спецслужбаў, а таксама раздробленасць элітаў зрабілі рэжымы ўразлівымі для самых мінімальных пратэстаў. Так, менавіта слабасць афрыканскіх рэжымаў, а не моц тамтэйшай дэмакратычнай апазіцыі прычынілася да шэрагу паспяховых дзяржаўных пераваротаў у гэтым рэгіёне. Многія афрыканскія дэмакратычныя рухі процістаялі рэжымам, якія «прагнілі знутры». Аднаго штуршка было досыць для таго, каб яны пасыпаліся. Падобны стан можна было назіраць і ў шэрагу былых савецкіх рэспублік. Напрыклад, у Грузіі, дзе паліцыянты тры месяцы не атрымлівалі зарплаты, Эдуард Шэварднадзэ сышоў з пасады прэзідэнта пасля серыі не вельмі маштабных пратэстаў у вялікай ступені таму, што ён больш не кантраляваў арміі і спецслужбаў і, адпаведна, не мог ужыць у дачыненні да мітынгоўцаў рэпрэсіяў. У Кыргызстане хапіла ўсяго 5000—10 000 пратэстоўцаў, каб скінуць прэзідэнта Аскара Акаева. Нарэшце, на Гаіці ўрад Арыстыда быў зрынуты натоўпам дэкласаваных элементаў, які ледзь налічваў 200 чалавек. Пратэстоўцам нават не давялося ўступаць у бой: паліцэйскія папросту пазнімалі форму, пахапалі бутэлькі з ромам і ўцяклі ў горы. У іншых выпадках гісторыя разгортвалася інакш. Калі дзяржава і (або) кіроўная партыя былі моцныя, аўтакраты часта паспяхова пераадольвалі сур’ёзныя выклікі з боку апазіцыі. У Арменіі, напрыклад, урад пры падтрымцы армейскіх ветэранаў, якія незадоўга перад тым вярнуліся з паспяховай вайны з Азербайджанам, прыдушыў пратэсты больш чым 200-тысячнага натоўпу, які выйшаў на плошчу пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 1996 г. У Зімбабвэ планы апазіцыі па правядзенні масавых акцый пратэсту супраць парушэнняў у час выбараў 2000 г. былі «адкладзеныя на няпэўны тэрмін» з прычыны жорсткіх паліцэйскіх рэпрэсій. Праз два гады апазіцыйныя лідэры ўжо не ўспаміналі пра масавыя пратэсты, «беручы пад увагу грандыёзны рэпрэсіўны механізм, з якім прыйшлося б сутыкнуцца». У Малайзіі, дзе арышт у 1998 г. Анвара Ібрагіма справакаваў беспрэцэдэнтны паводле маштабу рух рэфармістаў, рэжым выставіў супраць сваіх апанентаў надзвычай эфектыўныя і рэпрэсіўныя паліцэйскія сілы. Пратэсты былі гвалтоўна падаўленыя спецназам і ў выніку не стварылі ніякай пагрозы дзяржаўнай стабільнасці. Нарэшце, у Сербіі апазіцыя рэжыму Мілошавіча намагалася скінуць яго праз усе 1990-я гг., але крах настаў толькі пасля чатырох ваенных паражэнняў і глыбокага эканамічнага крызісу, які падарваў магутнасць дзяржавы і кіроўнай партыі. Апазіцыйныя рухі ў Арменіі, Зімбабвэ і Малайзіі былі, напэўна, мацнейшыя, чым на Гаіці, у Грузіі ці Кыргызстане. Тое ж, што змена рэжыму адбылася не ў першым, а ў другім выпадку (а таксама ў Сербіі, але толькі пасля аслаблення дзяржавы шэрагам ваенных паражэнняў), сведчыць, што лёс аўтакратаў залежыць не толькі ад дзейнасці апазіцыйных сіл, але і ад трываласці рэжымаў, якім яны процістаяць.
СЛАБЫЯ І МОЦНЫЯ АЎТАРЫТАРНЫЯ РЭЖЫМЫ Такім чынам, цэнтральнае пытанне, якое паўстае ў сучасных даследаваннях аўтарытарызму, — наколькі моцны аўтарытарны рэжым пануе ў той ці іншай краіне. Вядома, лёгка ідэнтыфікаваць «слабы» рэжым пасля таго, як ён падзе. Але сапраўды важнае пытанне — ці можна гэта высветліць да яго падзення. Я лічу, што можна. Каб вызначыць ступень слабасці таго ці іншага рэжыму ў рэспубліках былога Савецкага Саюза і іншых краінах, трэба прааналізаваць, пры дапамозе якіх сродкаў аўтакратам удаецца захоўваць лаяльнасць паплечнікаў і прадухіляць, прыглушаць або падаўляць масавыя пратэсты. Да такіх сродкаў адразу можна залічыць: 1) маналітную, шчыльна ўбудаваную ў дзяржаўную сістэму кіроўную партыю; 2) разгалінаваныя і добра фінансаваныя сілавыя структуры, якія паспяхова зарэкамендавалі сябе ў шырокамаштабных канфліктах; 3) шырокі кантроль дзяржавы над эканомікай. Рэжымы, якія валодаюць адным ці некалькімі сродкамі з гэтага спісу, намнога лепш абароненыя, чым тыя, у якіх нічога гэтага няма. Палітычныя партыі і магутнасць аўтакратаў У свой час Барбара Гедэс і іншыя выказвалі меркаванне, што наяўнасць трывалай кіроўнай партыі мае першаступеннае значэнне ў прадухіленні пераходу прыхільнікаў рэжыму на бок апазіцыі ў крытычны момант. Мы ў дадатак сцвярджаем, што сілу такой партыі можна ацаніць з гледзішча яе ахопу і згуртаванасці. Ахоп датычыць велічыні партыйнай інфраструктуры або глыбіні пранікнення партыйных структур у грамадства. Калі ступень ахопу вялікая, як на Тайвані, у Малайзіі, Нікарагуа або Танзаніі, партыі валодаюць разгалінаванай арганізацыйнай структурай, вялікай колькасцю членаў і актывістаў, а таксама пакрываюць большую частку нацыянальнай тэрыторыі. Партыйныя камітэты дзейнічаюць практычна ў кожным населеным пункце, уключаючы сельскія, і не спыняюць сваёй актыўнасці ў міжвыбарчы перыяд. Напрыклад, 16 500 суполак Аб’яднанай малайскай нацыянальнай арганізацыі дазволілі ёй пранікнуць у кожную вёску ў краіне і выдзеліць па адным партыйцы для назірання за кожнымі 10 дамамі; гэтаксама разгалінаваны апарат і два мільёны членаў Рэвалюцыйнай партыі Танзаніі далі ёй магчымасць стварыць такую ж шчыльную «сотавую» структуру ва ўсёй краіне. Калі ж ахоп малы, як у Беніне, Перу, Украіне або Расіі часу Ельцына, партыі не хапае рэальнай арганізацыі, шараговых членаў і актывістаў, а яе дзейнасць абмяжоўваецца буйнымі гарадамі, сталіцай ці ў некаторых выпадках прэзідэнцкім палацам. Згуртаванасць партыі вызначае яе здольнасць забяспечыць супрацоўніцтва паміж сваімі прыхільнікамі ва ўрадзе, парламенце і на мясцовым або рэгіянальным узроўні. Згуртаванасць мае вырашальнае значэнне для прадухілення здрады элітаў, асабліва ў перыяд крызісаў, калі здольнасць партыі ўтрымаць уладу апынаецца пад пагрозай. У тых выпадках, калі ступень згуртаванасці высокая, як у Малайзіі, Мазамбіку, Нікарагуа, Сербіі і Зімбабвэ, лаяльныя міністры, члены парламента і губернатары без ваганняў падтрымліваюць цэнтральны ўрад, праводзяць у жыццё прэзідэнцкія дырэктывы і галасуюць за прыняцце партыйных рашэнняў. Калі ж згуртаванасці бракуе, як у Беніне, Грузіі, Украіне, Замбіі і Расіі часу Ельцына, партыі ўяўляюць сабой не больш чым свабодныя кааліцыі аўтаномных гульцоў, многія з якіх атрымліваюць свае паўнамоцтвы і статус не з рук партыі. Цэнтральная ўлада ў такіх выпадках пастаянна сутыкаецца з праявамі непадпарадкавання, бунту і здрады з боку сваіх чыноўнікаў, дэпутатаў парламента і мясцовых кіраўнікоў. Праз гэта рэжым робіцца ўразлівым для ўнутранага крызісу, які выклікаецца расколам сярод кіроўнай кааліцыі і стварае магчымасць захопу апазіцыяй кантролю над парламентам або перамогі на выбарах кандыдата з ліку былых функцыянераў рэжыму. Сапраўды, у некаторых выпадках крызіс можа выбухнуць нават пры адсутнасці сур’ёзных вонкавых выклікаў. Крыніцы згуртаванасці могуць быць розныя. Параўнальна слабой крыніцай з’яўляецца патранат. Хоць у звычайны час ён здольны гуртаваць эліты, партыі, якія грунтуюцца выключна на пратэкцыянісцкіх узаемаадносінах, робяцца ўразлівымі ў перыяд крызісаў. Калі эканамічны крызіс пазбаўляе аўтакратаў магчымасці размяркоўваць матэрыяльныя даброты ці калі ім пагражае параза, партыі, якія заснаваныя на патранаце, часта пачынаюць трашчаць па швах. Згуртаванасць куды большая ў структурах, якія можна было б акрэсліць як кансалідаваныя палітычныя механізмы, ці шчыльна ўбудаваных у дзяржаўную сістэму, заснаваных на пратэкцыянісцкіх узаемаадносінах партыях з грунтоўным досведам пераадолення крызісаў і заваявання перамог на выбарах. Высокая ступень згуртаванасці можа таксама караніцца ў супольнай этнічнай прыналежнасці (як, напрыклад, у Гаяне) ці ідэалогіі (як у Нікарагуа, Малдове). Магчыма, аднак, што найбольш трывалая згуртаванасць нараджаецца з повязей салідарнасці часу сумеснай узброенай барацьбы. Партыі, якія ўзніклі на базе паспяховых рэвалюцыйных ці нацыянальна-вызваленчых рухаў (як у Мазамбіку, Нікарагуа, Зімбабвэ), як правіла, вельмі з’яднаныя, прынамсі на працягу жыцця першага пакалення партыйцаў. Пры ацэнцы згуртаванасці партыі трэба захоўваць асцярожнасць, каб не зблытаць яе з унутранай дысцыплінай у пару магутнасці арганізацыі. Замест гэтага важна знайсці доказы наяўнасці нематэрыяльных фактараў згуртаванасці. Нядаўна ўтвораныя партыі, сяброў якіх яднаюць толькі кароткатэрміновыя палітычныя мэты або зменлівыя пратэкцыянісцкія адносіны (напрыклад, маладыя кіроўныя партыі ў Беніне і ва Украіне ў 1990-я гг.), ацэньваюцца як малазгуртаваныя. Партыі на чале з харызматычнымі лідэрамі (як, напрыклад, у Перу) і трывалымі адносінамі патранату без праверанага досведу перамог на шматпартыйных выбарах (як у Кеніі, Замбіі) залічваюцца да сярэднезгуртаваных. Партыі ж, унутры якіх існуюць моцныя ідэалагічныя (Малдова) ці этнічныя (Гаяна) повязі і якія маюць правераны досвед паспяховага ўдзелу ў шматпартыйных выбарах (Малайзія, Мексіка, Тайвань), лічацца высоказгуртаванымі. Што да былога Савецкага Саюза, то забарона КПСС пасля няўдалага жнівеньскага путчу ў 1991 г., спалучаная з адсутнасцю рэвалюцыйнай барацьбы, пазбавіла большасць тамтэйшых аўтакратаў якой бы там ні было трывалай арганізацыйнай базы. У такіх краінах, як Кыргызстан за Акаевым, Украіна за Кучмам або Малдова 1990-х, лідэры або не мелі за сабой ніякай партыйнай арганізацыі, або абапіраліся на хісткія кааліцыі канкурэнтных партый. Адзіным, што гуртавала гэтыя альянсы, былі кароткатэрміновыя адносіны патранату. У выніку апазіцыя амаль усюды паўставала з нетраў старога рэжыму. Сіла дзяржаўнага прымусу Наступным ключом да аўтарытарнай стабільнасці з’яўляецца разгалінаваны, згуртаваны, добра забяспечаны і дасведчаны апарат прымусу, пры дапамозе якога аўтакраты здольныя надзейна трымаць у цуглях апазіцыю і падаўляць масавыя пратэсты. Зноў-такі, патэнцыял такога апарату можа быць змераны ў тых самых катэгорыях — паводле яго ахопу і згуртаванасці. Ахоп — гэта, інакш кажучы, эфектыўны радыус дзеяння. Нас будуць пераважна цікавіць памеры і якасць «сектару ўнутранай бяспекі» — тых дзяржаўных структураў, якія непасрэдна адказваюць за ўнутраную бяспеку дзяржавы і ўнутраны парадак. Гэтыя структуры ўключаюць у сябе армію і паліцыю, прэзідэнцкую гвардыю, жандармерыю і спецназ, тайную паліцыю і іншыя спецслужбы, а таксама органы ўнутранай разведкі. Да іх могуць далучацца рознага роду нефармальныя ці паўваенныя арганізацыі накшталт «эскадронаў смерці», народнага апалчэння, уброеных маладзёжных атрадаў. Гэты сектар можа таксама пашырацца коштам іншых дзяржаўных структураў — мясцовай адміністрацыі, падатковых органаў, дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у падаўленні апазіцыі. Калі маштабы такога сектару вялікія, як у Беларусі, Малайзіі, Нікарагуа, Расіі, Зімбабвэ ці на Тайвані, ён уключае ў сябе шырокую разведвальную сетку, спецназ і ваенізаваныя атрады, якія могуць кантраляваць грамадства на ўсёй нацыянальнай тэрыторыі. Гэтыя спецслужбы добра аснашчаныя, забяспечаныя, навучаныя і маюць вялікі досвед сачэння за апазіцыяй ды падаўлення любых формаў яе пратэсту. Калі ахоп невялікі, як у Албаніі, Грузіі, Македоніі ці на Гаіці, то ўзброеныя сілы маюць сціплыя памеры, кепскі рыштунак, часта адсутнічаюць адмысловыя ўнутраныя спецслужбы. Тыя ж структуры, што ёсць, недастаткова поўна ахопліваюць тэрыторыю краіны; органы правапарадку ў многіх месцах адсутнічаюць ці прысутнічаюць чыста сімвалічна; калі ж яны і ёсць, то фінансуюцца настолькі дрэнна, што аказваюцца неэфектыўнымі і адмаўляюцца выконваць загады. У такіх выпадках на тэрыторыі краіны могуць існаваць вялізныя «шэрыя зоны» — раёны, пазбаўленыя якой-кольвек прысутнасці дзяржавы. Напрыклад, у Грузіі паліцыя часта месяцамі не атрымлівала зарплаты, і вялікая частка краіны заставалася непадкантрольная цэнтральнаму ўраду. Маштаб сілавога апарату мае асаблівае значэнне пры невялікай інтэнсіўнасці здушэння. Сістэматычнае назіранне за апанентамі рэжыму, іх уціск і запалохванне патрабуе развітай інфраструктуры, здольнай каардынаваць дзейнасць агентаў па ўсёй тэрыторыі краіны. Калі такой інфраструктуры няма або яна неэфектыўная, здольнасць улады адсочваць і кантраляваць апазіцыйную дзейнасць на нізавым узроўні будзе абмежаваная. Наяўнасць такой (часам невідавочнай) прасторы для дзеяння аблягчае апазіцыі арганізацыю выбарчых кампаній ці масавых пратэстаў. Згуртаванасць у гэтым кантэксце азначае гатоўнасць дзяржаўнага апарату да выканання загадаў. Каб прымус быў эфектыўны, падначаленыя павінны дакладна выконваць каманды свайго начальства. Калі згуртаванасць высокая, уладары могуць быць пэўныя, што нават надзвычай сумнеўныя ці незаконныя загады (напрыклад, стральба па натоўпе пратоўцаў, забойствы лідэраў апазіцыі ці фальсіфікацыя выбараў) будуць ажыццяўляцца як высокапастаўленымі супрацоўнікамі спецслужбаў, так і шараговымі салдатамі ды чыноўнікамі. Калі згуртаванасць нізкая, лідэры не могуць быць упэўненыя ў тым, што такія распараджэнні будуць выкананыя як першымі, так і другімі. Згуртаванасць нярэдка мае вырашальнае значэнне пры высокай інтэнсіўнасці прымусу. Такія адчайныя крокі, як адкрыццё агню па вялікім натоўпе ці фальсіфікацыя выбараў, на якіх у сапраўднасці перамагла апазіцыя, надзвычай рызыкоўныя. Паколькі такія дзеянні могуць выклікаць рэзка негатыўную рэакцыю як унутры краіны, так і за мяжой, яны часцяком паглыбляюць крызіс рэжыму ці нават выклікаюць яго крах. З гэтай прычыны службовыя асобы, якія аддаюць такія загады або ажыццяўляюць рэпрэсіі, сур’ёзна рызыкуюць, бо ў выпадку пройгрышу іх чакае адплата. Такім чынам, акты грубага прымусу нясуць у сабе асаблівую пагрозу кіраванасці рэжыму, павялічваючы імавернасць унутраных беспарадкаў. Раскол у сілавым апараце не дазволіў мясцовым аўтакратам ужыць грубы гвалт у Беніне ў 1990 г., Грузіі ў 1991 і 2003 гг., Расіі ў 1993 г., Украіне ў 1994 і 2004 гг., а таксама на Мадагаскары ў 2001—2002 гг. Толькі там, дзе сілавыя структуры захоўваюць згуртаванасць (як у Арменіі, Малайзіі, Зімбабвэ), улада мае магчымасць упэўнена ажыццяўляць шырокамаштабныя рэпрэсіі ці чыніць беззаконне. Згуртаванасць дзяржаўных структураў залежыць ад некалькіх фактараў. Адзін з іх — фінансавае здароўе эканомікі. Матэрыяльна незабяспечаныя чыноўнікі з меншай ступенню імавернасці будуць спраўна выконваць загады, асабліва калі яны датычаць масавых рэпрэсій або фальсіфікацыі галасавання. Так, шмат дзе ў Афрыцы і на абшарах былога СССР адразу пасля яго распаду ўнутрыдзяржаўная дысцыпліна была падарваная глыбокім эканамічным крызісам. У крайніх выпадках, як у Беніне, Малаві, Грузіі і Сербіі ў 1999—2000 гг., непадпарадкаванне пазбаўленых грашовага забеспячэння сілавых структур пакінула аўтакратаў без сродкаў барацьбы з пратэстамі апазіцыі. Тым не менш, наяўнасць матэрыяльных рэсурсаў не з’яўляецца ні неабходнай, ні дастатковай умовай для забеспячэння згуртаванасці. У Арменіі, Мазамбіку, Нікарагуа і Зімбабвэ дзяржаўны апарат не пахіснуўся, нягледзячы на значныя фінансавыя цяжкасці. У рэальнасці тыя правіцелі, якія спадзяюцца выключна на сілу грошай, найчасцей сутыкаюцца з непадпарадкаваннем у час крызісаў. Найвышэйшы ўзровень згуртаванасці звычайна мае месца там, дзе фінансавае заахвочванне дапаўняецца альтэрнатыўнымі крыніцамі еднасці, у прыватнасці асабістымі повязямі, агульнай нацыянальнай прыналежнасцю і (або) ідэалогіяй. Найбольш трывалая згуртаванасць нараджаецца з повязей салідарнасці, узніклых у ходзе сумеснай узброенай барацьбы падчас вайны, рэвалюцыі або нацыянальна-вызваленчага руху. Калі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады апаноўваюць эліты, што перамаглі ў вайне (Арменія) або ва ўзброеным мяцяжы (Мазамбік, Нікарагуа, Зімбабвэ), ім намнога часцей спадарожнічаюць згуртаванасць, упэўненасць у сабе і «смак» да насілля. У межах былога Савецкага Саюза найярчэйшым прыкладам моцнай рэпрэсіўнай дзяржавы з’яўляецца Арменія, якая ў 1994 г. паспяхова захапіла 20 % тэрыторыі суседняга Азербайджана ў вайне за Нагорны Карабах. Гэтая вайна непасрэдна спрыяла захаванню аўтарытарнай стабільнасці, даўшы армянскім лідэрам сілу, якая мела дастаткова вопыту, рашучасці і згуртаванасці для таго, каб здушыць адзін з самых мабілізаваных у посткамуністычным свеце апазіцыйных рухаў. Так, у 1996 г., пасля таго як фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў вывела на вуліцы больш як сто тысяч дэманстрантаў, войскі, паліцыя і члены саюзу ветэранаў Карабахскай вайны «Еркрапа» паспяхова блакіравалі сталіцу, зачынілі офісы апазіцыйных партый і арыштавалі 250 лідэраў апазіцыі, тым самым спыніўшы антыўрадавыя выступленні. Пазней сілы, якія часткова складаліся з ветэранаў армянска-азербайджанскай вайны, здушвалі паслявыбарныя пратэсты, у якіх удзельнічалі да 35 000 чалавек, у 2003 і 2004 гг., а апошні раз — у сакавіку 2008 г., калі спецслужбы забілі сем мірных жыхароў, а ў сталіцы ўвялі ваеннае становішча. Другім важным прыкладам з’яўляецца Зімбабвэ. Нягледзячы на глыбокі эканамічны крызіс і амаль поўную міжнародную ізаляцыю, Роберту Мугабэ дагэтуль удаецца кансалідаваць свой рэжым і ў асноўным пазбягаць здрады элітаў, паколькі згуртаванасць кіроўных вярхоў была дасягнутая ў ходзе грамадзянскай вайны за незалежнасць краіны, якая тады называлася Радэзіяй. Так ход сённяшніх канфліктаў прадвызначаецца кантэкстам барацьбы за незалежнасць, што вялася ў канцы 1970-х гг. Наадварот, рэжымам, якія не могуць шырока ўжываць гвалт з прычыны неразвітых ці недааснашчаных спецслужбаў, вялікіх запазычанасцей па зарплаце або ваеннага разгрому, значна цяжэй даваць рады нават самым сціплым пратэстам. Слабы апарат прымусу быў уласцівы Грузіі, ад якой яшчэ да грамадзянскай вайны пачатку 1990-х гг. адкалоліся сепаратысцкія рэгіёны. На працягу ўсіх 1990-х і на пачатку 2000-х гг. грузінская дзяржава сутыкалася з няспыннымі рэгіянальнымі мецяжамі і выдакоўвала значныя сродкі на барацьбу з імі, у выніку чаго рэжым аказаўся не гатовы процістаяць адносна дробным пратэстам, якія пачаліся пасля сфальшаваных парламенцкіх выбараў 2003 г. Таму, калі 22 лістапада дзесяткі тысяч дэманстрантаў на чале з Саакашвілі, штурмуючы парламент з ружамі ў руках, не сустрэлі амаль ніякага адпору з боку паліцыі, прэзідэнт Шэварднадзэ быў вымушаны кінуцца наўцёкі і на наступны дзень падаў у адстаўку. Як прызнаўся пазней міністр унутраных справаў, паліцэйскія «тры месяцы не атрымлівалі заробку. Дык чаму яны павінны былі слухацца Шэварднадзэ?» Кантроль над эканомікай Нарэшце, трываласць аўтарытарнага рэжыму вызначаецца ступенню, у якой дзяржаўныя лідэры распараджаюцца нацыянальным багаццем — ці шляхам прамога дзяржаўнага кантролю над эканомікай, ці праз атрыманне даходу ад продажу энерганосьбітаў, захапіць кантроль над якім нават слабым аўтакратам досыць проста. Лідэр, які валодае поўным або амаль поўным кантролем над нацыянальным багаццем, можа падкупіць апанентаў або пазбавіць іх рэсурсаў, у крайніх выпадках нават пакінуўшы апазіцыйных актывістаў без элементарных сродкаў да існавання. Посткамуністычныя аўтакраты ў Беларусі, Таджыкістане і Узбекістане захавалі дзяржаўны кантроль над эканомікай, устрымаўшыся ад шырокамаштабнай прыватызацыі. Адсутнасць эканамічнай лібералізацыі ў гэтым выпадку дапамагла аўтакратам спыніць прыватнае фінансаванне апазіцыйных рухаў. У Беларусі, напрыклад, дзе дзяржава кантралюе пад 80 % эканомікі, а большая частка насельніцтва працуе па кароткатэрміновых кантрактах, апазіцыя практычна не мае доступу да ўнутраных крыніцаў фінансавання. Большасць яе актывістаў, з якімі я сустракаўся ў ходзе свайго даследавання, былі беспрацоўныя ці зараблялі на жыццё дробным гандлем. Іншымі словамі, апазіцыянерамі могуць стаць толькі тыя, хто гатовыя пайсці на значныя асабістыя страты. У той жа час шчодрыя газавыя субсідыі з боку Расіі дапамаглі беларускім уладам прадухіліць глыбокі эканамічны крызіс, які меў месца ў іншых постсавецкіх краінах. У краінах, дзе прайшла маштабная прыватызацыя, як, напрыклад, у Грузіі, Кыргызстане і Украіне, апазіцыя змагла або знайсці падтрымку ў асяроддзі айчыннага бізнесу, або скарыстаць у сваіх інтарэсах нейтралітэт бізнес-колаў. Найбольш яскрава гэта праявілася ва Украіне, дзе мясцовыя алігархі ў часе парламенцкіх выбараў 2002 гю забяспечылі шырокую фінансавую падтрымку руху «Наша Украіна» на чале з Юшчанкам. Апрача недапушчэння прыватызацыі, аўтарытарным лідэрам таксама ўдаецца захаваць кантроль над нацыянальным багаццем у тых выпадках, калі большая доля нацыянальнага даходу паступае ад продажу карысных выкапняў, такіх, як нафта ці газ. Нават слабыя аўтакраты лёгка могуць захапіць і манапалізаваць гандаль энерганосьбітамі. Атрымаць кантроль над больш дыверсіфікаванай індустрыяльнай эканомікай нашмат складаней і даражэй. У гэтым сэнсе апора на гандаль прыроднымі рэсурсамі і адмова ад прыватызацыі ў аднолькавай ступені правакуюць аўтарытарызм, аблягчаючы валадарам прысваенне большай часткі нацыянальнага даходу і пазбаўленне апанентаў неабходных рэсурсаў. Так, у Расіі, Азербайджане, Казахстане, Туркменістане і ў меншай ступені ва Узбекістане аўтакраты здолелі скарыстаць юрыдычны або фактычны кантроль над нафтагазавай галіной для подкупу саюзнікаў, прыдушвання праціўнікаў і фінансавання разгалінаванага, высокааплатнага і добра навучанага рэпрэсіўнага апарату з мэтай запалохвання апазіцыйных сілаў. Часткова ў выніку гэтага апазіцыя ва ўсіх гэтых краінах застаецца надзвычай слабая і маргіналізаваная. Мера аўтакратычнай сілы і слабасці Выкладзеная тут мадэль дазваляе вызначыць, ці з’яўляецца той ці іншы рэжым слабым або моцным, але не дае ўяўлення пра тыпалогію такой сілы ці слабасці. З аднаго боку, перад намі прыклады такіх рэжымаў, як у Зімбабвэ або ў Арменіі, што нарадзіліся ва ўзброеных канфліктах. У гэтых дзяржавах рэпрэсіўны апарат мае неабходныя навыкі, жаданне і згуртаванасць для таго, каб перажыць глыбокі эканамічны крызіс і (або) шырокамашабныя масавыя пратэсты. З другога боку, рэжымы накшталт беларускага ў большай ступені абапіраюцца на разгалінаваныя сілавыя структуры і неабмежаваны кантроль над значнай часткай эканомікі. Такія рэжымы выжываюць пераважна коштам «прэвентыўнага ўціску», г. зн. здушэння апазіцыі ў зародку, пакуль яна не стала моцнай. Аднак, згодна з гэтай тэорыяй, лукашэнкаўскі рэжым, відаць, не зможа перажыць глыбокага эканамічнага крызісу і (або) маштабных масавых пратэстаў. Гэтаму рэжыму бракуе кіроўнай партыі, а таксама якой-небудзь формы ідэалогіі або сумеснага досведу шырокамаштабнай узброенай барацьбы, які мог бы аблегчыць здушэнне масавых пратэстаў або засцерагчы паплечнікаў Лукашэнкі ад здрады яму ў выпадку крызісу. Адносна слабая згуртаванасць службаў бяспекі была прадэманстраваная ўвосень 2004 г., калі тагачасны старшыня КДБ Леанід Ерын сустрэўся з пратэстоўцамі, яўна праявіўшы гэтым сваю сімпатыю да іх. Хоць Ерын неўзабаве быў зняты з пасады, гэта можа быць прыметай больш шырокай нелаяльнасці ў колах спецслужбаў, што можа дацца Лукашэнку ў знакі ў будучыні. Апрача таго, скарачэнне з боку Расіі датацый на газ для Беларусі ў 2007 г. яшчэ больш павялічвае імавернасць крызісу. З амерыканскай пераклаў Сяргей Петрыкевіч _________________________________ _Лукан Уэй — палітоляг, прафэсар катэдры паліталёгіі ўнівэрсытэту Таронта. У ягоныя навуковыя інтарэсы ўваходзяць трансфармацыя палітычных рэжымаў, гібрыдныя рэжымы, кампаратыўнае вывучэньне постсавецкіх рэжымаў. Аўтар прэстыжных заходніх акадэмічных пэрыёдыкаў «Communist and Post-Communist Studiem», «Comparative Politics», «East European Politics and Societies», «Journal of Democracy», «Journal of Communist Studies and Transition Politics», «Politics and Society», «Post-Soviet Affairs», «Studies in Comparative and International Development», «World Politics». Вывучае беларускую мову. Летась у «ARCHE» быў апублікаваны яго тэкст «Дынаміка прымусу пры аўтакратычных рэжымах пасьля «халоднае вайны» (7—8/2007). Рэгіянальныя навіны
Блог
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |